Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/131

Гэта старонка была вычытаная

НА ВОСЕНЬ ДЗІЎЛЮСЯ

Ў зьнямозе крывавай каліна да долу навісла;
Асеньнюю песьню ёй сівер сьпявае ля весьніц:
Мэлёдыі льлюцца, — іх ловяць сузорныя высі,
Іх колер асеньні асіверыў сінь паднябесься.

Праз вокны стральчатыя замка на восень дзіўлюся, —
Губляюся ў шэлесьце, лоскаце хваль залацістых;
Я з ёю напевам, авееным музыкай сумнай, дзялюся,
І ліст ажаўцелы зрываю з кляновай маністы.

Далоні яго для мяне — два вялізных экраны;
Іх я расьпішу сьветаценямі кволых настрояў.
Вясною зялёнай на сэрцы загояцца раны,
І ліру сваю залатую нанова настрою.

Вятры-юнакі ліставеюць на стромкіх узгор‘ях,
Ўсьцілаюць лістамі даліну душы ачарсьцьвелай.
Хто ўвечар сягонешні словы балючыя згорне,
Хто новыя ўзоры ў сузор‘ях асеньніх расьсьцеле?