Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/133

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Даліны адвеялі шумам аўсяным,
Адвеялі хвалі аўсоў залацістых.
Зьбірайцеся, песьні, у вырай з гусямі, —
Прастор асыпае настрояў квяцістасьць.

Ў дуброве трывожны шчапаецца пошчак;
Трасецца пад клёнам ільняная восень.
Ажоўклыя косы ёй дождж апалошча,
А сівер асушыць сухім сугалосьсем.

На беразе возера ў вечар асмуглы
Начлежнікі полымя больш не распаляць.
Вяршаліны шалыя неба абугляць
І далі лістамі крывавымі сплямяць.

Прайдуся па шораху лёгкай хадою, —
Хай цела ашорхне і сэрца марозам.
Азябнуць хачу, прытуліўшыся долу;
Ад песечь, мэлёдый хачу ацьвярозець.