Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/139

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Я аддаў дню вясноваму дань,
Я схіліўся паклонам вясьне.
Сёньня восені чорная здань
Золь — слатой асыпае мяне.

Нешта зябка на сэрцы чагось,
Ўсю дазваньня калоціць душу.
Няўжо восень мой жудасны госьць?
Няўжо восень я ў песьні нашу?

Мне становіцца страшна за лёс, —
З сінь-вачэй маіх смутак імжыць.
Ой, чаму не праліў я ўсіх сьлёз
На зары, пачынаў калі жыць.

Эх, ты песьня, ты песьня красы,
Ну нашто давяла да бяды?
Ты ўвесь боль мой у гуках рассып,
Утапі яго ў лыжцы ў вады.

Але не, не ўтапіць мне душы,
Захлынуся лепш з песьняю сам.
Вольны вецер мне гімн прашуміць,
А зьвяр‘ё з мяне кроў будзе ссаць.