Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/141

Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Гарцуюць крыклівыя ветры,
А хвалі разьюшанасьць пеняць.
Надзела ноч чорныя гетры,
Накінула вохкую цемень.

Аплёвала змрокам узмор‘е,
Трасецца прадоньнем над морам,
Смоль-косы палошча у шторме,
Рагоча ачумленым хорам.

Хачу я душу ёй расхрыстаць,
Парваць шалахлівыя ўбёры.
Прышоў я на гэтую прыстань,
Успомніць свае каб вазёры.

Вазёры, мае вы вазёры,
Я чую тут вашы усплёсы!
Глядзяцца ў вас пушчы і зоры
І коцяцца ціхія сьлёзы.