Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/144

Гэта старонка была вычытаная

ГРАХІ МАЕ ДУШЫ

I

Прабіта сінь цьвікамі,
Паранен дзень суботні.
Сябры, я вас чакаю
У гэты час самотны.

Сагнуўся лёс акрайцам;
Заслона паміж намі…
Пара, пара зьбірацца,
Мой дзень не за гарамі.

Хачу зірнуць у вочы, —
А іх няма, ня бачу.
Прайшоў і кожны збочыў,
Азябіў пульс гарачы.

Адзін іду ў дарогу,
Няма на‘т і сабакі;
За мною толькі рогат
І хмар асеньні накіп.