Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/146

Гэта старонка была вычытаная

II

Нікога з блізкіх і знаёмых, —
Сьцяны панурыя чатыры:
Успамінаюцца імёны
І доктар з бутляй нашатыру.

Яму здалося падазроным
Маё здароўе, няіначай, —
Расьпісваў я на смутку чорным
Грымасы дзён крывёй гарачай.

Няма й яго у гэтых сьценах, —
Усе за небасхілам зябкім.
Якое ў ветрах апусьценьне!
А ў мёрзлых паясьніцах схваткі.

Суставы цёплых дзён азглелі
І галаледзіцай зьліліся.
Ў палёх суботняе маленьне,
І сівераньне ў сініх высях.

Калені неяк вельмі ломіць, —
Хачу устаць і боль адштырыць.
Нікога з блізкіх і знаёмых, —
Сьцяны панурыя чатыры.