Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/147

Гэта старонка не была вычытаная

III

Ты зноў прышла на мой парог
І ў хату просішся пагрэцца;
Асыпала ўсяго да ног
Лістамі свае жоўтай сьмерці.

Ты сыплеш іх ка мне на стол, —
Мне трохі боязна і страшна;
Асыпала ўсе сьцены й столь
І клічаш дзень мой учарайшы.

Ня веру я сваім вачам,
Што ты маёй сягоньня госьцяй.
Я не магу ў душы маўчаць,
Мне плакаць хочацца чагосьці.

Застанься ты на ноч са мной,
Хачу з табою быць шчасьлівым;
Тваё асеньняе віно
Іскрыстым палыскуе сьліўнем.

Напіцца мне ты ўсё-ж дасі, —
Няхай нутро яно апаліць.
Развага выбілася з сіл,
Другою стала й мая памяць.