Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Спаткаў яго я на вокзале,
З ім быў яго сьвяцейшы сан.
Адзін другому штось сказалі,
А што — ня помню добра й сам.

Пайшоў ён ў залю першай клясы,
Мяне-ж не прапусьціў патруль.
Там нехта некаму ўсё кляўся,
Зубамі скусваў з вуснаў муль.

Было казённа ўрачыста,
Крычалі некаму ура.
Віна хмялёвая іскрыстасьць
Лілася ў чары цераз край.

Ўсяго я вокам гэта й скеміў,
Прысеўшы на дарожны кош.
Ня бачыў, як наш ціхі гені
Дапіў хвалебнай песьні коўш.

Пайшоў я да дзяжурнай касы
Пляцкарту да білета ўзяць.
Чарга… драўляныя балясы…
Агні зайздросьліва мігцяць.