Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/156

Гэта старонка была вычытаная

НЯ СТЛЕЎ, НЯ ЗГАС!

Вярнуўся зноў да родных берагоў, —
Тут хвалі дзён паіншаму шумяць,
Тут хвалі дзён пайшлі у карагод —
Плыве чубоў зялёных сенажаць.

Гады мае, майго юнацтва дні,
Ня ведалі вы ўцешнасьці часін!
Прайшоў я з вамі скрозь людзкой ганьні,
Бы вецер — шэлестам сівых асін.

Прайшоў і рукі ў далях распасьцёр, —
Маіх сустаў ня ўкурчыў яшчэ курч.
Пачаў гукаць там да сваіх сясьцёр:
Нясеце мне залочаны мой ключ!

— Я сёньня адамкну ім Сьпеў Зямлі,
Азорацца мэлёдыі жыцьця.
Лістамі клёны ў сіні разьвялі
І сонца мне разьвесіла свой сьцяг.

На ім тады пакінуў надпіс я, —
Пачалі ўчытвацца ў яго здалёк.
Сачылася па сонцы кроў з пісьма,
Як-бы з параненых багнэтам шчок.