Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

Затрэслася істота ўся мая,
Ў ваччу паўзьлі зьмяіныя вякі…
Якраз тады пясьнярская сям‘я
Ішла аздобліваць чало ў вянкі.

— Як многа зьяе у тумане зор,
Праславіць хай іх ода, гімн! —
Які пабожны і пакорны хор
Ім славіць толькі з кліраса багінь.

Ня хочу я складаць на гэты лад, —
Для ўцехі старасьці пакіну вам.
Ах як шуміць запушчаны наш сад!
Яму свой сьпеў засмучаны аддам.

Пайшла сям‘я да славы лёгкіх слоў,
А я спрачаюся з сабой, з людзьмі.
Няўжо шляхі да песьні занясло
І пыл назойлівы яе зацьміў?

Няўжо так сталася, няўжо?
О, не! Зьняверуся й на гэты раз.
У садзе ліст апошні не ажоўк,
А ў песьні жар ня стлеў, ня згас!

|}