Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/158

Гэта старонка была вычытаная

ЗА БЯСЕДНЫМ СТАЛОМ

Прамчаліся шляхі і вёрсты,
Ня лезе ў вочы золь-слата.
Бацькі, браты і сёстры
Наўкол бяседнага стала.

Я сёньня з імі, ў іхнім коле,
Якая радасьць на душы!
У вокны зьвесілася гольле
І неяк ласкава шуміць.

Ківае ветліва лістамі,
І быццам просіцца за стол.
Мяне ў сям‘і яно, вітае, —
Схіляю голаў яму ў дол.

Ўзьнімаю чару за бяседу,
А слова з вуснаў аніяк.
Ну ці-ж аб гэтым мог я ведаць?
Ў жыцьці здараецца ўсяляк.

Учора сум авейваў скроні,
А сёньня — скупасьць горкіх слоў.
Я цісну сам сабе далоні
І апушчаюся на ўслон.