Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/159

Гэта старонка была вычытаная

Бацькі глядзяць на ўсё зьдзіўлёна,
І за здароўе п‘юць браты.
Вясновым вечарам зялёным
Сьмяюцца казачна лісты.

Такога вечару ня помню,
Глядзець мне хочацца ў вакно, —
Якраз-жа трэці тыдзень — поўня,
Над лесам іскрыцца віно.

Я п‘яны вечарам вось гэтым,
Ў чужых краёх такіх ня стрэць.
Даўно ня быў я так сагрэты,
Ня ўмеў вясёласьцю й гарэць.

Заўсёды у настроі грэшны,
Як нейкі вырадак людзкі;
Таму і лаялі за вершы
Ў натоўпе дзіка-гарадзкім.

Бацькі ня ведалі нічога, —
Ня ім услужлівасьць газэт,
Прыехаў неяк нейкі шчогаль
І вось сказаў, што сын поэт.

Зьдзівіў і ўцешыў ён ня вельмі, —
Ну што ў слове гэтым ёсьць?
— Хаця каб толькі быў ня шэльма
Скажы яму, наш добры госьць.