Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/163

Гэта старонка была вычытаная

ПАЛАЦ

Пад зорамі палац — як той антычны жрэц;
Яго пад рукі сьцен падтрымлююць калёны.
Прышоў сюды вось я душу сваю сагрэць
І ўспомніць дні юнацтва вечарам зялёным.

Вятры з вакон павыбівалі шыбы ўшчэнт
І гойсаюць з шалёным сьвістам па пустэльні.
Ці вырву радасьць тут я з залатых кляшчэй,
Ці сэрца зноў скалечу аб калючы ельнік?

Ўскудлачаны саломы космы на страсе;
Скасіліся на бок фронтоны, сад запушчан,
І толькі яблыня адна гальлём трасе,
А шум яе такі таемны, быццам пушча.

Ступаю стомлены з братамі на парог,
І раптам сталася мне радасна да болю:
Ў сівы палац браты сышліся ўчатырох,
І кожны з іх хварэе за краіны долю.