Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

НА РОСТАНІ

Прастор, агарунены шумам бяроз,
Напевы рассыпаў у хвалях крынічных.
Мэлёдыі іх разьліваюцца скрозь,
Мэлёдыі іх у маршчынах аблічча.

Лазьняк на балотах увесь не пасох, —
‘Шчэ доўга з ім будуць хістацца чароты.
Краіна мая шумазвонных лясоў,
Твае на курганах губляюцца тропы.

Праходзілі імі вячэрняй парой
Ў навале сузмроку навалы чужынцаў,
З іх кожны ў пакорнае вока пароў,
Крывавай сьлязою хацеў пажывіцца.

На ростані ўсходня-заходніх дарог
Цябе, дарагая, яны ўкрыжавалі;
Твой сын весялосьці таму й не зьбярог,
Згубіў ён яе у шалёных навалах.