Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

ЦЕНЬ КОНСУЛА

(1918)

Політыка, кажуць, цудоўная рэч,
Цуднейшая нават за шашкі, шахматы;
Прад ёю пакорна схіляецца меч,
Прад ёю змаўкаюць гарматаў раскаты.

Кідае народы ў прадоньне зямлі,
А ў мілым настроі да славы узносіць.
Політыка — слоў каламутны разьліў, —
Ад іх застаецца заўсёды хтось з носам.

Часамі, каб мэты свае дасягнуць,
Ўжывае яна найпадлейшыя сродкі:
Душу вырывае з сьвятога агню,
Атруты падносіць на брудным ісподку.

— Што ў гэтым такога нялюдзкага ёсьць?
Разводзіць рукамі і цісьне плячыма.
Ухмылкай на вуснах усьцішвае злосьць,
Ухмылкай аценьвае кожны учынак.