Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

Тактоўнасьць у словах, ў морганьні воч
Ня церпіць таго, хто супроць этыкету.
Па сэрцы ёй заўжды шпіёнская соч, —
Надзейныя слугі сталічных газэтаў.

У моднай візытцы выходзіць яна
І заўжды пад чорна-атласным цыліндрам.
У чадзе банкетным, штоночы да дня,
Ёй тосты узносіць разьменены лідар.

Ён ставіць яе найвышэй усяго:
— „Ну што перад ёю плянэты вярценьне?
На‘т з гор ня у сіле атрэсьці сьнягоў,
Ад холаду хутка й сама апруцее.

Ня сьмее зьмяніць свой заежджаны шлях,
Ня сьмее парушыць рытмічнага бегу;
Ў сусьветах гармонію быццам знайшла,
Сваю найвялікшую радасьць, уцеху.

Гармонія дзіка ў людзкой грамадзе,
Політыка з корнем яе вырывае, —
Ўжо волас зусім пасівеў, парадзеў,
Нікога ня вабіць бабуля крывая.

І толькі поэт, хваравіты юнак,
Часамі ад дурасьці песьню. ёй зложыць.
Мы-ж людзі з халоднай душою ўюна,
Мы з ёю суровы, мы з ёю бязбожны“. —