Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

Мой блізкі знаёмы, ваш сябра адзін,
Які уганяўся ў юнацтве за музай,
Які у поэзіі хмызнай блудзіў,
Політыкай песьню дашчэнту замурзаў.

Казаў: — „Я ня ведаў што ўся у ёй моц,
Ня ведаў яе ўнутраных я сэкрэцый.
Ня будзе больш мучыць бяссоньніцай ноч, —
Умею цяпер ужо целам сагрэцца.

Ня ведаў, што трэба ўхмыляцца знарок,
Я-ж думаў, што ўсё гэтак проста і чыста.
Даваў я жыцьцю не адзін ўжо зарок,
Што шлях свой жыцьцёвы прайду урачыста.

Дык гэта-ж было захапленьне адно,
І зараз над ім я разводжу рукамі.
Куды выгадней апусьціцца на „дно“, —
Пад голаў там будзе хоць шчэбневы камень.

Знаёмства другое зусім завяду;
Нічога, што скажуць: нікчэмны натурай, —
Затое віно буду піць, не ваду,
І буду вясёлым на кожных хаўтурах.

Нічога, што ў песьні душою зманю,
І будзе яна слоў іржавых асколак, —
Затое прыкмецяць асобу маю
Дзяржаўныя людзі, вышэйшыя колы.