Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

Ну, дзе-ж ёй уцешыць самоту сваю,
Калі абакралі краіну усю?

Даліну уцешнасьці дзе ёй знайсьці
У гэтым заклятым нялюдзкім жыцьці?


На ўлоньні крывавых пакорных нізін
Усьцішыўся дзень чалавечай разьні.

Патухлі узьлёты страшнога агню;
Ў прасторы завея спраўляе гульню.

Спраўляе памінкі ў магільных палёх:
З курганам раўняе узгор‘е і лог.

Шалёная шэрань абпеніла дзень;
Завея шугае, завея гудзе.

Пад ёю схілілася ніцма усё;
У неба ўзьвіваецца белы пясок.

Ён сыплецца з лямантам дзікай жуды…
Ў завеі нітуюцца крокі хады.

Ў завеі мутнеюць чыесь лахманы;
Хістаюцца людзі — выгнаньня сыны;

Дазваньня з сіл выбыты, ледзьве ідуць, —
Здаецца, ня дойдуць, — вось-вось упадуць.