Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/93

Гэта старонка не была вычытаная

Там недзе па беразе стромка-крутым
Зуброў белавескіх прагоняць гурты.


Ў такія зімова-завейныя дні
Вярталіся ў хаты салдаты з вайны.

Ў такія вось дні, у такія якраз
Рабілі у Берасьці нам рэвэранс.

Над сьценамі крэпасьці вісла імгла, —
Пад ёю падпісана згода была.

Праз пушчы, імшары, лясы—нацянькі
Памчаліся грозна на ўсход цягнікі.

Гручэлі па рэйках адзін за другім, —
І колы адзьвяквалі цокальны гімн.

Асмужваў завею ўскудлачаны дым;
Траслася ад сьцюжы краіна пад ім.

Пісала гісторыя кплівы гротэск;
Ішлі окупанты з вакзалаў у Менск.

З-пад лоба глядзелі на горад стары, —
Касіліся вочы на скалы-муры.

Тырчэлі цагліны разваленых сьцен, —
Шарахала гэта нязвыклых гасьцей.

Пустэльныя вуліцы беглі на пляц;
Ніхто окупантаў ня вышаў вітаць.