II
Пад лесам, на ўзгорку хвалюецца жыта,
Яно, як зямелька мая, пры мяжы тэй, —
Па ім, як па сьвеце, бягуць тыя хвалі,
Што ветру чакалі, што ветру прыждалі,
Шум шэрага шэпту па жыце шыбае,
А жаўранка сьпевы у сіні купае…
— Цір-цюр-пі-цю-пі-цю-пі!
Лі сьпевы, лі сьпевы, лі!
Кінь працу, кінь працу, кінь!
Сінь неба, сінь неба, сінь!
І лёг я на цень свой, паўдзённа-аршынны.
Пад голаву кветка —матыль канюшыны.
І пах яе пышны нязьнятага мёду
Гадоў паскідаў мне да першага году;
Пайшоў чырванець мой падсонечны твар,
На скуру і думкі набыў я загар.
Заснуў. А той ветрык шаптаў мне у вушы
Пра поўныя соку зялёнага йгрушы;
Шаптаў мне пра сьліў недасьпелую цэру,
Пра смакі-зародкі, пра слуцкія бэры…
І так не хацелася з сонцам змагацца!
Кудысь захавалася строгая праца,