Старонка:Полацкая зямля ў пачатку XVI сталецьця.pdf/16

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

асобныя зямляўласьнікі ня мелі магчымасьці ўхіляцца ад гэтага абавязку, што было зусім магчыма да абвяшчэньня закону 1528 году. Новая соймавая пастанова вымагала, каб кожны ўласьнік «с кожных осьми служб, людей ставил пахолка на добром кони возброи, с древом, с прапором, на котором был панцыр, прибылица, меч або корд, сукна цветные повеза и остроги две»[1]. Калі складалі попіс 1528 году, дык у васнову былі пакладзены прынцыпы апошняе соймавае пастановы. Попіс 1528 году, — дакумант надзвычайна вялікае каштоўнасьці, — знаёміць з вайсковымі сіламі, з апалчэньнем шляхты, і зьяўляецца асноўным дакумантам, які паказвае прыналежнасьць таго ці іншага зямляўласьніка да шляхоцкага стану. У пэўным сэнсе попіс можа служыць паказальным дакумантам дзеля вывучэньня таго, наколькі было пашырана зямляўладаньне сярод вайскоўцаў як агулам у Літоўска-Беларускай дзяржаве, гэтак і ў паасобных краінах.

Полацкая зямля не належыць да такой тэрыторыі, дзе было-б пашырана буйное зямляўласьніцтва. У Полацкай зямлі няма такіх буйных магнатаў, як у заходняй частцы Беларусі, бо неспагадныя для сельскае гаспадаркі глебавыя ўмовы ня прынаджвалі да сябе ўвагі шляхты, якая імкнулася атрымаць зямлю ў заходняй частцы дзяржавы. Апроч шляхоцкага зямляўладаньня, у Полацкай зямлі было пашырана і мяшчанскае зямляўладаньне. Мяшчане, якія мелі маёнткі паводле земскага права, павінны был і адбываць з сваіх зямель вайсковую службу. Гэтае захаваньне спэцыяльна земскага мяшчанскага зямляўладаньня сьведчыла аб адносна слабым разьвіцьці станаў у Полацкай зямлі, дзякуючы чаму захаваліся такія архаічныя асаблівасьці, як мяшчанскае зямляўладаньня.

Шляхоцкае зямляўладаньне ў Полацкай зямлі было сярэднім і дробным[2]. Аб памерах кожнага маёнтку можна даведацца, параўнаўшы лік коньнікаў, якія павінны былі стаўляць маёнткі. Найбольшы лік коньнікаў стаўляў пан Зьмітра, сын Багдана, Корсак — 33. Роўнага яму магната ня было. Зьмітра Корсак, маючы грашовыя сродкі, трымаў яшчэ ў заставе маёнтак пана Васіля Чыжа; з гэтага маёнтку ён быў павінен быў стаўляць усяго 38 коньнікаў. Колькі коньнікаў стаўлялі іншыя член фаміліі Корсак, відаць з наступнае табліцы:

Сыны Зенавея Корсака:

1. Міхал 10 коньнікаў
2. Пані Міхалавая, яго жонка 18 "
3. Багдан 15 "
4. Пані Іванавая, жонка Івана Корсака 16 "

Сыны Міхала Корсака:

5. Яцэк 18 "
6. Іван 17 "
7. Васіль 16 "
8. Глеб, сын Івана, унук Зенавея Корсака 14 "
9. Пані Глебавая, яго жонка 18 "

Сыны Глеба:

10. Іван 15 "
11. Пётра 14 "
12. Ян 14 "
13. Андрэй 14 "
Сымон 14 "
Пани Корсаковая 15 "
__________
237
  1. Акты Зап. России, т. II, № 152.
  2. Русск. Историч. Библиотека, т. XXXII. стар. 192—195.