Старонка:Правакацыя беларускага народу.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

часткаю віленскай польскай прэсы, прычыняцца толькі да паглыбленьня дэструкцыйных настрояў сярод беларускага народу, каторы і без таго даволі ўжо здэзорыентаваны савецкімі агентамі.

Няўдзячную задачу бяруць на сябе тыя, хто й далей хацеў-бы ператвараць гэтага чалавека ў нацыянальнага героя…

Сутнасьць справы палягае на ашуканстве камуністамі ўсяго беларускага грамадзянства, але гэтакае ашуканства будзе небясьпечным толькі да тае пары, пакуль не зробіцца для ўсіх зразумелым.

Кожны ўжо пачынае сабе ўяўляць, што шляхі да дыктатуры камуністычнай партыі могуць весьці праз умелае выкарыстаньне фахоўцамі між іншым і нацыянальных непаразуменьняў, якія існуюць у паасобных дзяржавах.

Беларускі народ апынуўся ў надзвычай цяжкім і можна сказаць трагічным палажэньні, калі з двух процілеглых бакоў дзеюць на яго такія сілы, каторыя гвалтам пхаюць „у камуну“ і таму трэба вялікіх высілкаў, каб утрымаць сваю самастойную лінію, як нацыянальную, так і палітычную.

Толькі разбудаваўшы асновы ўласнай і незалежнай грамадзкасьці нам ня будуць страшнымі як камуністы так і тыя, хто не адступаючы ад сваёй полёнізатарскай „гэнэральнай лініі“ — даюць гэтым самым козыры ў рукі камуністаў і фактычна зьяўляюцца найлепшымі іхнімі памоцнікамі ў справе збальшавізаваньня нашага краю.


ВЫВАДЫ

Дзяржаўны суд над Тарашкевічам адбыўся. Наступіў час калі слова ў гэтай справе павінна забраць нашае нацыянальна-думаючае грамадзянства. Для таго, каб вывады былі правільнымі, справу Тарашкевіча трэба паставіць у сувязь з тымі мэтамі, каторыя мае на нашых землях камуністычны інтэрнацыянал.

Гэтая арганізацыя, раскідаўшая свае агентуры па ўсім сьвеце, ад самага пачатку існаваньня Польскай