Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

нага крыку“ сталёвага каня, заместа „срэбра жыцьця“, застаецца перадсьмяротнае хрыпеньне старога дыхавічнага каня (Буланы), ды рэдзенькія памыі расслабленага хныканьня страціўшага грунт чалавека. „Вечар“ — гэта пара пасьля закату літаратурнага сонца К. Чорнага. Ад сакавітых здаровых кавалкаў жыцьця ў Чорнага застаўся толькі стыль — пустая скарлупа, начыненая абрыўкамі Гамсуна, Ібсэна, Пшыбышэўскага і другіх індывідуалістых.

Што сказаць аб творчасьці У. Дубоўкі? Гэта яскравы прадстаўнік тае нязначнае групы інтэлігенцыі, якая ня можа стала вызначыць сваё месца ў грамадзе. Гэта група, ня маючы пад сабою сталага грунту, мечацца і ня можа выблытацца з цэлага шэрагу фіктыўных супярэчнасьцяй.

У Дубоўкі мірна зжываюцца і істэрычная крыклівасьць, і стройныя мотывы клясавай барацьбы і пролетарскай рэволюцыі. Многія помняць, як многія слабыя на сьлязу дзяўчаты з Белпэдтэхнікуму пралівалі горкія сьлёзы над „Апошняю песьню“, якая прадстаўляе сабою тыповы вынік істэрычнага настрою Дубоўкі і мае на мэце паказаць, што ён, Дубоўка, вышэй усяго зямнога, і ніякія перашкоды (фактычна ніколі не існаваўшыя) ня спыняць яго, пакрыўджанага жыцьцём і людзьмі, поэты:

І пайду да мэты, сьцяўшы зубы, моўчкі,
І назад ня гляну,
Як калісьці Ван-Чжао-Цзюн.