Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/129

Гэта старонка не была вычытаная

„Узвышша“, разьвіваючы пролетарскую літаратуру (ужо існуючую), зьбіраецца формаваць адзін з яе асноўных элемэнтаў? Наогул, калі ўзяцца дасканальна разьбіраць узвышаўскую дэклярацыю, дык там можна знайсьці вельмі многа матэрыялу, высьвятляючага ўзровень пісьменнасьці і здольнасьці лёгічнага разважаньня аўтараў дэклярацыі. Але ў літаратурных справах дэклярацыі адыгрываюць ролю падпарадкаваную, і дзеля гэтага зьвернемся да мастацкіх твораў, якія найлепей павінны паказаць нам, што прадстаўляе сабою „Узвышша“.

Пра аповесьць З. Бядулі, „Салавей“ вельмі цяжка сказаць што-небудзь канчаткова. Аўтар узяў на сябе задачу даць гістарычны малюнак прыгоннага тэатру на агульным фоне прыгону. Але, узяўшыся за гэтую справу, ён, відаць, не паклапаціўся азнаёміцца з навуковымі матэрыяламі, а карыстаецца ў большасьці матэрыяламі інтуіцыйнага парадку (што бог на душу паложыць). Гэта часамі прыводзіць аўтара да трафарэтных прыёмаў агіткі і гэтым самым паніжае мастацкую вартасьць твору. Мастак павінен не расказваць, а паказваць; інакш яго твор будзе сухой моралістыкай і ня выкліча ніякіх эмоцый у чытача.

Для Кузьмы Чорнага вельмі характарным зьяўляецца адно месца ў яго апавяданьні „Сьцены“. З жанчынай гандляркай здарылася бяда. Як водзіцца, усе кінуліся дапамагаць ёй. Гэта адвечны інстынкт чалавецтва — інстынкт грамады, гэта той