Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/14

Старонка праверана

некаторыя вельмі і вельмі характарныя асаблівасьці гэтых „лістоў“. Аўтар затрымаўся на выяўленьні соцыолёгічнага эквіваленту „сабачых лістоў“ і да пытаньняў формы так і не перайшоў. А тымчасам іх стыль, іх композыцыя, іх вобразнасьць знаходзяцца ў поўнай гармоніі са зьместам і, больш таго, характарызуюць цэлую літаратурную плынь, да якой далучаюцца Дубоўка, Жылка ды інш. Нездарма Пляханаў так настойна раіў пры дасьледаваньні мастацкага твору шчыльна ўвязваць адшуканьне соцыолёгічнага эквіваленту з формальным аналізам.

Першае, што вымагаецца ад крытыка, — гэта ўменьне разабрацца ў мастацкім творы і ў першую чаргу — уменьне адрозьніць яго паасобныя элемэнты. Бяз гэтага крытык, нават калі ён будзе мець моцную эрудыцыю, неабходную для дасьледчыка мастацкага твору, ніколі ня здолее даць яму належную ацэнку; крытык павінен рабіць дасьледваньне па пэўных мэтодах, а не па бурсацкаму прынцыпу „мала куча“.

Характарным прадстаўніком так званай гуртковай крытыкі зьяўляецца ў нас такі патэнтованы „крытык“, як М. Гарэцкі. Яго мяшчанская тэндэнцыя зводзіць асабістыя рахункі на старонках друку яскрава выявілася ў артыкулах пра творчасьць М. Зарэцкага, М. Чарота і асабліва ў артыкуле, зьмешчаным у № 4Маладняка“. Больш падрабязна на дзейнасьці гэтага „крытыка“ мы спыняцца ня будзем.

10