Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/160

Гэта старонка не была вычытаная

нага прыдатку і ў сапраўдных поэтаў і пісьменьнікаў і ў падлеткаў з гомлетаўскімі настроямі і ў цэлага шэрагу катэгорый графаманаў усіх станаў і ўзростаў. Гэтым апошнія, дзякуючы адсутнасьці крытычнага разгляду іх „поэтычнага“ варыва, часамі пачынаюць сапраўды прымаць выгляд непадробленых мастакоў, чаму дапамагаюць іншы раз і надворныя поэтычныя адзнакі. Так! і на Беларусі пачынаюць зьяўляцца блокаўскія:

— длинные волосы
и говорит вполголоса…

Але да справы. Перад намі зборнік Язэпа Пушчы — славутага „беларускага імажыністага“, песьняра „рыкаючай раніцы“. Як гэта нядаўна было, калі гэты самы поэта разам з другімі маладымі літаратурнымі розначынцамі ўнёс сьмелы дысонанс у беларускую поэзію, дысонанс, які стаў цяпер пераважным акордам.

Але… „Времена шатки, береги шапки“ — казаў Пруткоў. Не зьбярог сваёй „шапкі“ Язэп Пушча, не па плячу яму вышла ўзятая ім на сябе задача, і вось Язэп Пушча, пакаціўшыся далёка ўніз, з шэрагу наватараў, папаў на самыя сапраўдныя задворкі беларускай літаратуры. Нам часта даводзілася чуць, што пры разглядзе твораў у нас прынята праводзіць рэзкую мяжу паміж „зьместам“ і „формаю“. Гэта, бязумоўна, памылковае сьцьвяр-