Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/195

Гэта старонка не была вычытаная

горыю мяшчанства. Далей, вымагаць ад 7—10 гадовага хлопца, які, натуральна, у сілу экономічных прычын, расьце і выхоўваецца без гувэрнантак, бяз сталага нагляду, стопроцантнай клясавай сьвядомасьці — гэта па меншай меры дзіка і недарэчна. І, нарэшце, калі прызнаць нават правату „крытыка“ ў яго вызначэньні соцыяльнага эквіваленту, дык і тут уся яго лінія ідзе ў дыамэтральнай процілегласьці з марксыцкімі поглядамі на мастацкую літаратуру. Пляханаў пісаў так:

„Імкнучыся знайсьці грамадзкі эквівалент данай літаратурнай зьявы, крытыка гэта (матэрыялістычная) здраджвае сваёй уласнай натуры, калі не разумее, што справа ня можа абыйсьціся тым, каб знайсьці гэты эквівалент, і што соцыолёгія павінна не зачыняць дзьверы перад эстэтыкай, а наадварот — адчыняць іх перад ёю. Другім актам вернай сабе матэрыялістычнай крытыкі павінна быць, як гэта было і ў крытыкаў ідэалістых, ацэнка эстэтычных якасьцяй разгляданага твору. Калі-б крытык матэрыяліст адмовіўся-б ад гэткай ацэнкі па тэй прычыне, што ён ужо знайшоў соцыолёгічны эквівалент данага твору, дык гэтым ён толькі выявіў-бы сваё неразуменьне таго пункту погляду, на якім яму хочацца замацавацца“ („За двадцать лет“).

Прачытайце гэты ўрывак, грамадзянін Кундзіш, і, калі можаце яго зразумець, дык навучецеся!.