Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/202

Гэта старонка не была вычытаная

ЛІТАРАТУРНАЕ БАЛОТА

(Пра „Узвышша“)

Заканчваючы першае дзесяцігодзьдзе Кастрычнікавай рэволюцыі, рабочыя і сяляне ўсяго Савецкага Саюзу адзначылі гэты вялікі юбілей шырокаю кампаніяй падрахаваньня ўсяго зробленага за гэты час, што павінна было вызначыць некаторыя тычкі і на будучы час. Не засталася ў баку ад гэтага руху і справа культурнага будаўніцтва. І асабліва ў нас, на Беларусі, гэты рух паказаў, да якіх непараўнаных дасягненьняў прывяла нашу занядбалую калісьці культуру невялічкая параўнаўча пара — дзесяць (а ў нас толькі восем) год пролетарскай рэволюцыі. Узмацняецца гаспадарка, утвараецца беларуская школа, ніжэйшая і вышэйшая, адбываецца нячуваны ўзрост літаратуры ды іншых мастацтваў і г. д.

Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне „Узвышша“ ніякім чынам не магло выявіць дрэнны тон і ня прыняць удзелу ў агульнай кампаніі. І ў № 5 сваёй часопісі „Узвышша“ яно адводзіць пэўнае месца для адзначэньня дзесятай гадавіны.