Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/21

Старонка праверана

нальны рух за малым выключэньнем адразу не папаў у адну каляіну з рэволюцыяй, і адгэтуль пашлі ўсе яго далейшыя беды. Органічна зьвязаныя з ім беларускія пісьменьнікі і поэты не маглі, зразумела, адразу адарвацца ад яго. Адгэтуль тая многазначная маўклівасьць, якою спаткалі яны Кастрычнік, адгэтуль тыя іерэміяды, якімі адгукнуліся некаторыя з іх на роспуск конгрэсу. Адгэтуль, нарэшце, вынікае і тое хістаньне, якое цягнулася ў беларускіх пісьменьнікаў вельмі доўгі час. Характарны адбітак знайшла позыцыя беларускай інтэлігенцыі ў адносінах да рэволюцыі і контр-рэволюцыі ў аповесьці „Дзьве душы“, напісаньне якой адносіцца да гэтага часу і якая зьяўляецца амаль што буйнейшым творам тае пары. Для нас гэта аповесьць мае яшчэ і гістарычнае значэньне: тут адбіты тыя самыя гістарычна-псыхолёгічныя процэсы, якія толькі праз некалькі гадоў выявіў польскі пісьменьнік Жэромскі ў сваім творы „Przedwiośnie“. Твор Жэромскага адразу стаў вядомым у сусьветным маштабе: за Жэромскім была яго рэпутацыя, якая давала яму поўнае права спазьніцца на пяць гадоў. Твор Гарэцкага, напісаны пад сьвежым уражаньнем, напісаны сьвежымі фарбамі, застаўся малавядомым нават і на Беларусі. Гэты факт мае таксама свае глыбокія гістарычныя карэньні і апраўданы ўсёю папярэдняй гісторыяй Беларусі і яе культуры. Ён зьяўляецца вынікам тае ўпартае працы, якая пра-

17