завалены безьлічу перакладных сантымэнтальных романаў, у якіх пераважаў лірычна-апісальны элемэнт. Гэта даходзіла да таго, што быў роман у 300—400 старонак, увесь сюжэт якога заключаўся ў тым, што „некто женился и жена его умерла“. Для лірычна-настроеных людзей гэткая рэч і можа падыйсьці, але-ж колькі гэткіх людзей на сьвеце набярэцца, якім ніколі не надакучыць набіваць сябе поснаю лірыкай! Вось да гэткага гатунку твораў можна аднесьці і „Спатканьне“. Апісальны элемэнт у гэтым апавяданьні зусім задушыў і той мізэрненькі сюжэцік, які там быў. Трэба мець даволі цярплівасьці, каб прачытаць нават тыя 4 старонкі, што займае гэта апавяданьне.
Даволі гладкім, ня гледзячы на тую самую тандэтнасьць, што і ў Бядулі, зьяўляецца апавяданьне Мрыя „Колектыў Яўмена“. Можа Мрыю трошкі лепей, як Бядулю, удаўся яго абразок таму, што ён узяў толькі адзін момант, адну зьяву з пасьлярэволюцыйнага жыцьця, а Бядуля паквапіўся на ўсё. Ну, а вынікі паляваньня на двох зайцаў адразу (а там іх і болей было) даўно ўжо ўсім вядомы.
Бадай што зусім расчароўвае нас Крапіва, асабліва сваімі апавяданьнямі. Няма ўжо тут калішняй вастраты і сакавітасьці, нейкімі дзікімі і няжыцьцёвымі зрабіліся гэроі ды іх дзеі. У першым апавяданьні („Доўг“) Крапіва, перш чым прыступіць да кастрычнікавых успамінаў, зводзіць, паводле узвышаўскага звычаю, асабістыя рахункі, і гэта