Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/22

Старонка праверана

водзілася на нашых абшарах сотні гадоў, маючы на мэце зрабіць Беларусь бяствараю провінцыяй крэсаў усходніх Рэчы Паспалітай альбо „губерниями Северо-Западного края“. Ня дзіва, што беларуская інтэлігенцыя таго часу, зьвязаная, галоўным чынам, з дробна-буржуазнымі элэментамі гораду і з заможным сялянствам, не адразу здолела зьмяніць свае позыцыі.

Ігнат Абдзіраловіч, гэрой аповесьці „Дзьве душы“, робіцца сьведкаю Кастрычнікавай рэволюцыі. Падзеі кідаюць яго ад бальшавіка Гаршка да белагвардзейца Гарэшкі. Ігнат ня можа ніяк вызначыць свайго месца паміж двумя дзейнымі сіламі, ня можа і далучыцца да тэй ці іншай.

„Я ня ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікага нэўтралітэту і ашукваю тых і гэтых і самога сябе. Няўжо панская кроў, каторая цячэць у маіх жылах, маець тут нейкае значэньне? Ату, што за дурныя думкі, — гэтага ня можа быць.

І адна палова яго, каторая разумела белых, маўчала, зьнямела.

І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала, каб ён знайшоў князя і забіў яго, і каб ён дагнаў Гарэшку і даў яму высьпятка пад грудзі, як той даў ляжачаму Гаршку“.

Вось у гэтым адрывачку вобраз становішча беларускае інтэлігенцыі, а разам і беларускага пісьменства таго часу. У тэй-жа аповесьці мы маем цэлы шэраг другіх тыпаў, характарных для эпохі.

18