То ў іх зьяўляюцца мотывы, падобныя да вышэйпрыведзеных радкоў А. Гаруна. Наогул-жа ў гэтай плыні пераважваюць мотывы нявыразныя. Па колькасьці новых твораў — гэта адзін з бяднейшых пэрыодаў у беларускай літаратуры.
Першая плынь мае сваё завяршэньне ў зборніку, „Адраджэньне“, які быў выпушчаны ў 1922 годзе. Пасьля гэтага зборніка пачынаецца паварот беларускай літаратуры на новыя рэйкі. У гэты-ж час пачынае ўставаць на ногі і разгортвацца другая плынь, якая пасьля ўвабрала ў сябе першую і якой суджана было стаць беларускай літаратурай пасьлякастрычнікавай пары. У 1918 годзе ў Маскве быў выдадзены альманах „Зажынкі“ — „першы збор твораў беларускіх песьняроў і пісьменьнікаў, вышаўшых з сям‘і працоўнага народу“. У гэты зборнік, цалкам прасякнуты духам клясавай барацьбы, увайшлі творы як нашаніўцаў (Ц. Гартнага, Ф. Чарнушэвіча, А. Гаруна і др.), так і многіх новых пісьменьнікаў (Міхалка Галка, Ф. Шантыр). Гэты зборнік важны для нас ня столькі сваімі мастацкімі вартасьцямі, колькі сваім гістарычным значэньнем. Гэты зборнік зьяўляецца першаю ступеньню таго вялізарнага ідэёвага росту, які перажыла беларуская літаратура за 10 год Кастрычнікавай рэволюцыі. Па свайму ідэёваму зьместу мастацкія творы гэтага зборніка нагадуюць нам „Маніфэст“ першага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі. Гэта мажорны тон пераможнай рэволюцыі,