Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

Вось вобраз новай Беларусі, тае Беларусі што, —

… на куце
Ў хаце сваёй села, —
Чарка мёду у руцэ,
Пазірае сьмела.

Янка Купала не аддаецца сьлепавокаму оптымізму. У яго і цяпер ёсьць пэсымістычныя сумныя ноткі. Але гэта сум грамадзяніна, а ня сьлёзы ханжы.

Яшчэ ня ўся работа зроблена,
Ня ўсё жніво у нас пажата, —
Яшчэ краіны стан пагорблены,
Як быў, застаўся ён гарбатым.

Яшчэ дзесь здрадна ласка панская
На беларускім едзе карку
І круціць з подласьцю паганскаю
На свой лад нашу гаспадарку…

Сваё сучаснае становішча і свой далейшы шлях сам Янка Купала вызначыў у вершы „Шляхам гадоў“.

Што думаў селянін, што парабак-работнік думаў,
Паслухаў іх і ў песьню шчыра перавіў,
А ўжо яны, пад гоман вольных шумаў,
Мне свой прыхільны водклік падалі.

Дык-жа шумі, красуй у волі, родны край!
Зьвіні ў свой звон, сялянска-пролетарскі звон!
Сьпявай ты, Беларусь, у радасьці сьпявай!
Твайго народу сёньня права і закон.