Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

АБ „ФАКТАХ“ І ПЭРСПЭКТЫВАХ

(Літаратурныя нататкі)

Шляхі літаратуры наогул вельмі цяжкія. Літаратура ў сваім разьвіцьці стаіць у поўнай залежнасьці ад цэлага шэрагу об‘ектыўных прычын і прымушана перамагаць шмат хваробаў росту. Іх шмат. Яны ніколі ня зьнікаюць канчаткова, але чаргуюцца паміж сабой, замяняюць адна адну. У муках барацьбы з гэтымі хваробамі нараджаецца i выкрышталізоўваецца сапраўднае мастацтва слова, якое організуе і будуе, якое заклікае да змаганьня і абуджае творчыя сілы грамады.

Прывабная гэта доля — доля поэты ці пісьменьніка. Яго імя, яго творчасьць (мы гаворым аб сапраўдных мастакох) не памірае разам з ім, а жыве з яго грамадою, з тою часткаю чалавецтва, якая яго высунула, чые пачуцьці і інтарэсы ён адбіваў, з кім ён быў органічна зьвязаны. Выдатнейшыя мастакі перажываюць нават і пару панаваньня сваёй клясы; іх творчасьць цэніцца і паважаецца і новаю пераможнаю клясаю, якая заняла пануючае месца ў процэсе соцыяльных пераформаваньняў.