Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

гэты „заўтрашні дзень“; часта надыход „заўтрашняга“ дня атрымлівае есенінскую афарбоўку. Як Есенін пісаў некалі —

вот сдавили за шею деревню
каменные пальцы шоссе, —

так і ў нас пішуць:

… Дарогай ў далечы пайду я,
Пайду часамі без дарог,
І кожны кусьцік пацалую
На ўміраючых палёх…
Калі над цінаю імшараў
Засьвішча волат гарадоў,
Я разаб‘ю пустую чарку
На полі выпітых гадоў.

Па сутнасьці тое самае, што і ў Есеніна, толькі больш слоў і менш мастацкасьці. А гэтыя паходы „ў далечы“ парадкам такі запаланілі творы нашых маладых поэтаў. Праўда, хада іх болей напамінае „Вампуку“: крычаць „іду, іду“, а самі стаяць на месцы.

Можна было-б яшчэ спыніцца на тэмах, навеяных Есеніным; што гэтыя тэмы ў нас ёсьць і ў значным нават ліку, аб гэтым ня можа быць і спрэчак. Але гэта група тэм, апрача свайго формальнага значэньня, зьвязана з формаваньнем элемэнтаў ідэолёгіі ў нашай маладой поэзіі. Таму гаварыць аб іх мы будзем у другі раз. Цяпер-жа спынімся яшчэ на аднэй групе тэм — гэта горад.