Старонка:Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

Лезуць ў самую бажніцу,
Лычам поруцца ў дзяругу,
Рвуць зубамі за спадніцу,
Хоць бяры у рукі пугу!

Поп на гэта не зважае
І, здаволены да сьмерці,
Цераз шчолку паглядае:
„Будзе чым кішку наперці!“

Дзяк таксама ня увалак:
Ў думках пхне у торбу-ляпу
То Сьвіняціны кавалак,
То авеччую ахлапу.

Добра гэтак і маліцца:
Горла ёсьць за што падраць,
Бо за гэта „да сьвяціцца“
Ён поўгода будзе жраць…

Але глянем, што ў падзяку
Бог пашле — і то часамі —
Селяніну-небараку:
Толькі бульбу „з мундзярамі!“

Дык скажэце-ж — на хваробу
Слухаць мне паповы казкі,
Каб яны маю вантробу
Аб‘ядалі з „божай ласкі?“