Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

За адну хвіліну задняя частка майго каня згінула ў яго пражорлівай ляпе.

Пярэдняя частка ад жаху і болю па-ранейшаму імчалася наперад.

Воўк уядаўся ў майго каня ўсё глыбей і глыбей.

Калі я апамятаўся, я схапіў бізун і, не трацячы ніводнай хвіліны, пачаў хвастаць ненажэрнага звера.

Ён завыў ды рвануўся наперад.

Пярэдняя частка каня, яшчэ не з‘едзеная ваўком, выпала з вупражы ў снег, і воўк апынуўся на яе месцы — у аглоблях і ў конскай збруі.

Вырвацца з гэтай збруі ён не мог, ён быў запрэжаны, як конь.

Я сцёбаў яго пугай, што было сілы.

Ён імчаўся наперад і наперад, цягнучы за сабою мае сані.

Мы імчаліся так хутка, што ўжо праз дзве-тры гадзіны ўехалі галопам у Пецербург.

Здзіўленыя пецербургскія жыхары натоўпамі выбягалі глядзець на героя, які замест каня запрог у свае сані лютага ваўка.


ІСКРЫ З ВАЧЭЙ

У Пецербургу мне жылося добра.

Я часта хадзіў на паляванне і цяпер з прыемнасцю ўспамінаю той вясёлы час, калі са мною амаль кожны дзень здаралася столькі цудоўных гісторый.

Адна гісторыя была вельмі пацешная.

Справа ў тым, што з акна маёй спальні была відаць велізарная сажалка, дзе вялося вельмі многа ўсялякай дзічыны.