Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

Было гэта так.

Я варочаўся з палявання, патраціўшы ўсе свае кулі. Раптам у мяне з-пад ног вылецела сем курапатак. Канешне, я не мог дапусціць, каб ад мяне ўцякла такая слаўная дзічына.

Я набіў маю стрэльбу — чым-бы вы думалі? — шомпалам! Так, самым звычайным шомпалам, гэта значыць жалезнай круглай палачкай, якою прачышчаюць стрэльбу!

Затым я падбег да курапатак, напалохаў іх і стрэліў.

Курапаткі ўзняліся адна за адною, і мой шомпал праткнуў адразу сем штук. Усе сем курапатак зваліліся ля маіх ног.

Я падняў іх і са здзіўленнем убачыў, што яны — смажаныя! Так, яны былі смажаныя! Ды іначай і быць не магло: мой-жа шомпал моцна нагрэўся ад стрэлу, і курапаткі, трапіўшы на яго, не маглі не сасмажыцца.

Я сеў на траву і тут-жа паабедаў з вялікім апетытам.


ЛІСІЦА НА ІГОЛЦЫ

Так, здагадлівасць — самае галоўнае ў жыцці і не было на свеце чалавека больш здагадлівага за барона Мюнхаузена.