Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

Аднойчы ў рускім непраходным лесе мне трапілася чорнабурая лісіца.

Скура гэтай лісіцы была такая прыгожая, што мне стала шкада псаваць яе куляй або шротам.

Не марудзячы ні хвіліны, я дастаў кулю з ствала і, набіўшы стрэльбу зноў доўгай шавецкай іголкай, стрэліў у гэту лісіцу. Лісіца стаяла пад дрэвам і іголка моцна прыбіла яе хвост да ствала.

Я, не спяшаючыся, падышоў да лісіцы і пачаў хвастаць яе бізуном.

Яна так ашалела ад болю, што — ці паверыце? — выскачыла з сваёй скуры і ўцякла ад мяне голай. А скура асталася мне цэлая, не папсаваная ні куляй, ні шротам.


СЛЯПАЯ СВІННЯ

Так, многа было са мною ўсялякіх дзіўных выпадкаў!

Прабіраюся я аднойчы праз пушчу і бачу: бяжыць дзікае парасё, зусім яшчэ маленькае, а за парасём — вялікая свіння.