Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

У мяне не было з сабою ніякай зброі — толькі маленькі срэбраны тапорык.

Я размахнуўся і запусціў гэтым тапорыкам у крыважэрных звяроў, каб спужаць іх і вызваліць бедную пчолку. Мядзведзі кінуліся ўцякаць, і пчолка была выратавана. Але, на ліха, я не разлічыў размаху сваёй магутнай рукі і шпурнуў тапорык з такою сілай, што ён заляцеў на месяц. Так, на месяц.

Вы ківаеце галавою, сміецеся, а мне ў той час было не да смеху.

Я задумаўся. Што было рабіць? Дзе дастаць такую доўгую драбіну, каб дабрацца да самага месяца?


ПЕРШАЕ ПАДАРОЖЖА НА МЕСЯЦ

На шчасце, я ўспомніў, што ў Турцыі ёсць такая гародніна, якая расце вельмі хутка і часамі дарастае да самага неба.

Гэта — турэцкі боб. Ні хвіліны не марудзячы, я пасадзіў у зямлю адзін з такіх бабоў, і ён адразу-ж пачаў расці.

Ён рос усё вышэй і вышэй і неўзабаве дацягнуўся да месяца.

— Ура! — закрычаў я і палез па сцяблу ўверх.

Праз гадзіну я апынуўся на месяцы.

Нялёгка мне было знайсці на месяцы свой срэбраны тапорык. Месяц срэбраны, і тапорык срэбраны — срэбра на срэбры не відаць. Але нарэшце я ўсё-ж такі адшукаў мой тапорык на кучы гнілой саломы.