Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

карэнні, так што на востраве не асталося ніякіх слядоў урагана. Дзіўныя дрэвы, праўда?

Між іншым, адно дрэва так і не вярнулася.

Справа ў тым, што, калі яно ўзляцела ў паветра, на яго суках знаходзіўся адзін бедны селянін з жонкай. Чаго яны ўзабраліся туды? Вельмі проста: нарваць агуркоў, бо ў той мясцовасці агуркі растуць на дрэвах. Жыхары вострава любяць агуркі больш за ўсё на свеце, і нічога іншага не ядуць. Гэта іх адзіная ежа.

Бедным сялянам, падхопленым бураю, міжвольна давялося зрабіць паветранае падарожжа пад хмарамі.

Калі бура сцішылася, дрэва пачало апускацца на зямлю. Селянін і сялянка былі як знарок вельмі тоўстыя, яны нахілілі яго сваім цяжарам, і дрэва ўпала не туды, дзе расло раней, а ўбок, прычым наляцела на тамашняга караля і, на шчасце, раздушыла яго як муху.

На шчасце? — спытаеце вы. — Чаму-ж на шчасце?

Таму, што гэты кароль быў жорсткі і па-зверску катаваў усіх жыхароў вострава.