Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

На другі дзень каля самай дарогі заўважылі мы чалавека, які ляжаў на баку, прыклаўшы вуха да зямлі.

— Што ты тут робіш? — спытаў я ў яго.

— Слухаю, як у полі расце трава! — адказаў ён.

— І чуеш?

— Добра чую. Для мяне гэта проста глупства!

— У такім выпадку аставайся ў мяне на службе, даражэнькі! Твае чулыя вушы могуць быць карыснымі для мяне ў дарозе.

Ён згадзіўся, і мы рушылі далей.

Неўзабаве я ўбачыў паляўнічага, у якога ў руках была стрэльба.

— Паслухай, — звярнуўся я да яго. — У каго гэта ты страляеш? Нідзе не відаць ні звера, ні птушкі.

— На страсе званіцы ў Берліне сядзеў варабей, і я трапіў яму проста ў вока.