Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

не было віна, бо туркам па закону забаронена піць віно. Я быў вельмі засмучоны, і султан, каб не скрыўдзіць мяне, павёў мяне пасля абеду ў свой габінет, адчыніў патайную шафу і дастаў адтуль бутэлечку.

— Такога слаўнага віна вы не каштавалі ўсё сваё жыццё, мой мілы Мюнхаузен! — сказаў ён, наліваючы мне поўную шклянку.

Віно, сапраўды, было добрае. Але я пасля першага-ж глытка заявіў, што ў Кітаі ў кітайскага багдыхана Фу-Чана віно яшчэ лепшае за гэта.

— Мой мілы Мюнхаузен! — усклікнуў султан. — Я прывык верыць кожнаму вашаму слову, таму што вы самы праўдзівы чалавек на зямлі, але клянуся, што зараз вы гаворыце няпраўду: лепшага за гэтае віно не бывае.

— А я вам давяду, што бывае.

— Мюнхаузен, вы гаворыце глупства!

— Не, я кажу шчырую праўду і бяруся роўна праз гадзіну даставіць вам з багдыханскага склепа бутэльку такога віна, у параўнанні з якім ваша віно — нікчэмная кісляціна.

— Мюнхаузен, вы забываецеся! Я заўсёды лічыў вас адным з праўдзівейшых людзей на зямлі, а цяпер я бачу, што вы проста ілгун.

— Калі так, я патрабую, каб вы ўпэўніліся зараз-жа, ці праўду я кажу.