Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

Да чатырох гадзін аставалася ўсяго поўхвіліны, калі ён уляцеў у палац з бутэлькай кітайскага віна.

Можаце сабе ўявіць, якая вялікая радасць ахапіла мяне. Паспрабаваўшы віна, султан усклікнуў ад захаплення:

— Мілы Мюнхаузен! дазвольце мне схаваць гэтую бутэльку далей ад вас. Я хачу выпіць яе адзін. Я і не думаў, што на свеце бывае такое салодкае і смачнае віно.

Ён замкнуў бутэльку ў шафу, а ключы ад шафы палажыў сабе ў кішэню і загадаў неадкладна паклікаць скарбніка.

— Я дазваляю майму сябру Мюнхаузену ўзяць з маіх скляпоў столькі золата, колькі можа панесці за адзін раз чалавек, — сказаў султан.

Скарбнік нізка пакланіўся султану і павёў мяне ў падвалы палаца, даверху набітыя скарбам.

Я паклікаў свайго сілача. Ён узваліў сабе на плечы ўсё золата, якое было ў султанавых скляпах, і мы пабеглі к мору.

Там я наняў велізарны карабель і даверху нагрузіў яго золатам.

Падняўшы парусы, мы паспяшылі выйсці ў адкрытае мора, пакуль султан не апамятаўся і не адабраў у мяне свайго багацця.