Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

Таму я вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў, што недалёка ад Італіі пачалася новая вайна: англічане ваявалі з іспанцамі.

Ні хвіліны не марудзячы, ускочыў я на каня і паімчаўся на вайну.

Паколькі іспанцамі была акружана тады англійская крэпасць Гібралтар, я адразу-ж прабраўся да англічан.

Генерал, што камандаваў крэпасцю, быў мой добры прыяцель. Ён прыняў мяне з распасцёртымі рукамі і стаў паказваць мне збудаваныя ўмацаванні, бо ён ведаў, што я магу даць яму разумную і карысную параду.

Стоячы на сцяне Гібралтара, я ўбачыў скрозь падзорную трубу, што іспанцы накіроўваюць дула сваёй гарматы якраз у тое месца, дзе стаялі мы абодва.

Ні хвіліны не марудзячы, я загадаў, каб на гэта самае месца была пастаўлена велізарная гармата.

— Навошта? — спытаў генерал.

— От убачыш! — адказаў я.

Як толькі гармату падкацілі да мяне, я накіраваў яе дула проста ў дула ворагавай гарматы, і, калі іспанскі гарматнік паднёс да свае гарматы кнот, я моцна скамандаваў: плі!

Абедзве гарматы бухнулі ў адзін і той-жа момант.

Здарылася тое, чаго я чакаў.