Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/79

Гэта старонка не была вычытаная

Дзень быў летні, сонца пякло бязлітасна, я марыў аб халадку дзе-небудзь пад кучаравым дрэвам. Але дрэва блізка не было, і вось, у пошуках халадку, я залез у жарало старой гарматы і зараз-жа заснуў моцным сном.

А трэба вам сказаць, што якраз у гэты дзень англічане святкавалі маю перамогу над іспанскай арміяй і ад радасці стралялі з усіх гармат.

Да гарматы, у якой я спаў, падышоў гарматнік і выстраліў.

Я вылецеў з гарматы як добрае ядро і, пераляцеўшы на другі бераг рэчкі, трапіў на двор нейкага селяніна. На шчасце, на дварэ было зложана мяккае сена. Я ўткнуўся ў яго галавою — у самую сярэдзіну вялікага стога. Гэта выратавала маё жыццё, але, канешне, я страціў прытомнасць.

Так у непрытомнасці я праляжаў тры месяцы.

Увосень сена падаражэла, і гаспадар захацеў прадаць яго. Рабочыя акружылі мой стог і пачалі варушыць яго віламі. Ад іх гучных галасоў я прачнуўся. Сяк-так выкарабкаўшыся на самы верх стога, я спрасонку пакаціўся ўніз і, зваліўшыся гаспадару проста на галаву, няўмысля зламаў яму шыю, ад чаго ён адразу сканаў.

Між іншым, ніхто асабліва не плакаў па ім. Ён быў вельмі скупы і не плаціў сваім работнікам грошай. Да таго-ж ён быў прагны гандляр: нездарма прадаваў сваё сена тады, калі яно надта даражэла.