Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

на перашкоды, я дабраўся на самы верх крыгі і падышоў зусім блізка да мядзведзяў.

І раптам са мною здарылася няшчасце: збіраючыся стрэліць, я паслізнуўся на лёдзе і ўпаў, прычым стукнуўся галавою аб лёд і ў тую-ж хвіліну страціў прытомнасць.

Калі праз поўгадзіны прытомнасць вярнулася да мяне, я ледзь не закрычаў ад страху: велізарны белы мядзведзь падабраў мяне пад сябе і, разявіўшы ляпу, рыхтаваўся павячэраць мною.

Стрэльба мая ляжала далёка на снягу.

Між іншым, стрэльба была-б тут бескарысна, бо мядзведзь усім сваім цяжарам наваліўся мне на спіну і не даваў паварушыцца.

З вялікімі намаганнямі я выцягнуў з кішэні мой маленькі складаны ножык і, доўга не думаючы, адсек мядзведзю тры пальцы на задняй назе.

Ён зароў ад болю і на хвіліну выпусціў мяне з сваіх страшэнных абдымкаў.

Скарыстаўшы гэты момант, я са сваёю звычайнай адвагай падбег да стрэльбы і выстраліў у лютага звера. Звер так і зваліўся ў снег.

Але на гэтым не скончыліся мае ліхія прыгоды: стрэл разбудзіў некалькі тысяч мядзведзяў, якія спалі на лёдзе недалёка ад мяне.

Вы толькі ўявіце сабе: некалькі тысяч мядзведзяў! Яны ўсёй зграяй накіраваліся проста да мяне. Што мне было рабіць? Яшчэ хвіліна, і мяне разарвуць раз‘юшаныя драпежнікі. І раптам у мяне мільганула бліскучая думка. Я схапіў нож, падбег да забітага мядзведзя, садраў з яго скуру і нацягнуў яе на сябе. Так, я нацягнуў на сябе мядзвежую скуру.