Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

Мядзведзі абступілі мяне. Я быў упэўнены, што яны выцягнуць мяне з маёй скуры і разарвуць на шматочкі. Але яны абнюхвалі мяне і, палічыўшы за мядзведзя, спакойна адыходзілі адзін за адным.

Хутка я навучыўся рычаць па-мядзвежаму і ссаў сваю лапу так як мядзведзь.

Зверы аднесліся да мяне вельмі даверліва, і я парашыў выкарыстаць гэта.

Адзін доктар расказваў мне, што рана, зробленая ў патыліцу, прыносіць раптоўную смерць. Я падышоў да бліжэйшага мядзведзя і ўсадзіў яму свой нож проста ў патыліцу. Я не сумняваўся, што, калі звер уцалее, ён неадкладна разарве мяне. На шчасце, мой вопыт удаўся. Мядзведзь зваліўся мёртвым, не паспеўшы нават раўнуць.

Тады я парашыў тым-жа спосабам расправіцца і з астатнімі мядзведзямі. Гэта мне ўдалося не так цяжка. Хоць яны бачылі, як падалі іх таварышы, але калі яны лічылі мяне за мядзведзя, дык і не маглі здагадацца, што іх забіваю я.

За якую гадзіну я ўлажыў некалькі тысяч мядзведзяў.

Зрабіўшы гэты геройскі ўчынак, я вярнуўся на карабель да майго прыяцеля Фіпса і расказаў яму пра ўсё.

Ён даў у маё распараджэнне сотню самых дужых матросаў, і я павёў іх на ільдзіну. Яны знялі скуры з забітых мядзведзяў і перацягнулі мядзвежыя тушы на карабель.

Тушаў было так многа, што карабель не мог плысці далей. Нам прышлося вярнуцца дамоў, не даехаўшы да месца свайго прызначэння.