Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

Вось чаму капітан Фіпс так і не адкрыў паўночнага полюса.

Між іншым, мы не шкадавалі аб гэтым, таму што мядзвежае мяса, прывезенае намі, было надзвычайна смачнае.


ДРУГОЕ ПАДАРОЖЖА НА МЕСЯЦ

Вярнуўшыся ў Англію, я даў сабе слова ніколі больш не рабіць ніякіх падарожжаў, але не прайшло і тыдня, як мне спатрэбілася зноў адправіцца ў дарогу.

Справа ў тым, што адзін мой сваяк, чалавек немалады і багаты, набраў сабе чамусьці ў галаву, нібы на свеце існуе краіна, у якой жывуць веліканы.

Ён прасіў мяне канешне адшукаць для яго гэтую краіну і абяцаў даць узнагароду, пакінуўшы вялікую спадчыну. Надта-ж ён хацеў паглядзець веліканаў.

Я згадзіўся, падрыхтаваў карабель, і мы адправіліся ў Паўднёвы акіян.

Па дарозе мы не сустрэлі нічога дзіўнага, акрамя некалькіх лятаючых жанчын, якія пырхалі ў паветры, як матылькі. Надвор‘е было цудоўнае.

Але на восемнаццаты дзень пачалася страшэнная бура.

Вецер быў такі вялікі, што падняў наш карабель над вадою і панёс яго як пушынку ў паветры! Усе вышэй і вышэй і вышэй. Шэсць тыдняў насіліся мы над самымі высокімі хмарамі. Нарэшце ўбачылі круглы бліскучы востраў.