Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/94

Гэта старонка не была вычытаная

Тры месяцы нас кідала на хвалях акіяна з боку ў бок, а потым занесла невядома куды. І вось аднае раніцы мы заўважылі незвычайную перамену ва ўсім. Мора з зялёнага зрабілася белым. Ветрык даносіў нейкі кволы, прыемны пах. Нам стала надта весела.

Неўзабаве мы ўбачылі прыстань і праз гадзіну ўвайшлі ў прасторную глыбокую гавань. Заместа вады ў ёй было малако!

Мы паспяшылі высадзіцца на бераг і пачалі прагна піць з малочнага мора.

Сярод нас быў адзін матрос, які не мог цярпець паху сыра. Калі яму паказвалі сыр, яго пачынала нудзіць. І вось, толькі мы высадзіліся на бераг, як яму стала млосна.

— Забярыце ў мяне з-пад ног гэты сыр! — крычаў ён. — Я не хачу, я не магу хадзіць па сыру!

Я нагнуўся да зямлі і ўсё зразумеў.

Востраў, да якога прыстаў наш карабель, быў зроблен з добрага галандскага сыра.

Так, так, не смейцеся, я расказваю вам шчырую праўду: заместа гліны ў нас пад нагамі быў сыр.

Не дзіва, што жыхары гэтага вострава харчаваліся амаль выключна сырам! Але сыра гэтага не станавілася менш, бо за ноч яго вырастала роўна столькі, колькі было з‘едзена за дзень.